Максім Багдановіч, адзін са стваральнікаў беларускай мовы і літаратуры, - гордасць Беларусі, шырока пашырыў славу сваёй Радзімы па-за яе межамі. Таленавіты паэт абагаціў беларускае прыгожае пісьменства новымі тэмамі, жанрамі і формамі, прыдаў ёй еўрапейскі выгляд. Ён прызнаны класік, якім па праву ганарыцца беларускі народ. Ягоныя традыцыі знайшлі плённае развіццё ў творчасці Максіма Танка, П.Броўкі, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, Н.Гілевіча і іншых вядомых беларускіх паэтаў. Напісанае песняром карыстаецца сусветным прызнаннем: творы яго перакладзеныя на многія мовы. Светлую памяць аб сваім палымяным сыне свята шануе родная зямля. У Беларусі працуюць некалькі музеяў, прысвечаных паэту. Помнікі яму ўсталяваны ў Мінску, Гродні, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, на могілках у Ялце. Яго імем ушанаваны вуліцы ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце, Місхоры. Мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя паэту, таксама ў гэтых гарадах. У Беларусі шэраг школ і бібліятэк названы светлым іменем пісьменніка. Паэт пражыў усяго 25 гадоў, а ўжо на працягу стагоддзя яго вершы працягваюць хваляваць чалавечыя сэрцы, а ўсенароднае ўдзячнае святкаванне 125-годдзя з дня яго нараджэння і ўшанаванне ў стогадовую гадавіну са дня смерці (памёр у 1917 годзе) сведчыць пра іх бессмяротнасць. Цімафей Ліякумовіч
ЗАРОК МАКСІМУ
Быў вясновы час і зімні… Багдановіч – над усімі! Багдановіч наш – для ўсіх! Цешымся з Табой, Максіме: Дзень Народзінаў не ўціх.
У Музеі Памяць-Кварту хочам думкамі наліць, у “Вянку” пялёсткам быць, жыць Максімаваю вартай,-- каб не грукаліся коні па пустэчы, каб змаглі мы штодня быць у пагоні за прастор сваёй зямлі.
Мінск для госця – не парожні: тут парог Максіма грэе, разам з намі Львоў шчырэе, гляне Горадня на пожні,-- Яраслаўль не ачужэе… Бо планетай сам Максім. З мілатой перад усім— ён Ваяр, Вястун, Будзіцель. Сёння кліча зноў: - І д з і ц е, зблізку хто і хто здалёк, зведаць мацярык, дзе ў жыце мой трапеча Васілёк! |